Моўнае пытанне
Сёння адзначаецца дзень роднай мовы, і ў сацсетках бачу шмат захапленных і летуценных допісаў. Я жа напішу шчыра і цынічна.
На сённяшні дзень пытанне мовы з’яўляецца для большасці насельніцтва другасным. Перш за ўсё людзей хвалююць эканамічныя пытанні, меней – палітычныя. Дарэчы, менавіта таму гэты блог вядзецца на рускай мове, каб ахапіць нешматлікую зацікаўленную аўдыторыю.
Сёння стаіць пытанне нават не аб нацыянальным развіцці, а аб выжыванні краіны. На якой мове будуць адбывацца крытычна неабходныя рэформы(калі яны ўвогуле будуць), гэта не так уж істотна. Галоўнае, каб гэтая дзяржава, імя якой Беларусь, магла вольна дыхаць і рухацца далей. А не жыць ад адной пазыкі да другой.
І калі я чую, як нехта кажа, што калі прыйдзе да ўлады, то перш за ўсё зробіць беларускую мову адзінай дзяржаўнай, то ў мяне торгаецца вока. Не ідзе размова пра дыверсіфікацыю знешніх пазыкаў, пра цяжар дзяржаўных прадпрыемстваў, пра пошук сваіх нішаў на міравым рынку. Жыць у краіне, якая балансуе на мяжы эканамічнага калапсу, і ставіць першасным толькі моўнае пытанне, большай дурасці ўявіць сабе не магу.
Але з пункту гледжання дзяржавабудавання, жыццяздольнасці краіны свая мова, як і нацыянальная эканоміка, крытычна неабходна. Гэта адзін з падмуркаў, на прычаснасці і лаяльнасці да якога трымаецца нашая самасць. Тое, што ператварае "тутэйшае насельніцтва" у суб'ектнаю нацыю. І калі звонку назіраю за новымі беларускамоўнымі, я шчыра радуюся ім. Бо беларуская мова становіцца не "цялячай", як яе называюць адныя нашыя добрыя суседзі. А мовай моцных і ўпартых, мовай адметных, тых хто не баіцца ісці насуперак натоўпу. Прафесіяналы менавіта такога складу будуць ажыццяўляць перамены ў Беларусі. Большасць з гэтай касты ставіцца да беларушчыны цалкам лаяльна.
Гісторыя ведае прыклады, калі пазабытыя, старажытныя мовы нечакана ўздымаліся з попелу. Больш за ўсіх мне падабаецца, як сіяністы пры стварэнні Ізраілю аднавілі іўрыт. Мова, што лічылася памерлай, якая захавалася толькі ў кнігах і выкарыстоўвалася дзеля цэраманіяльных мэтаў, намаганнямі купкі стала адзінай дзяржаўнай мовай мадэрновага Ізраілю. Сёння ёй карыстаюцца ў побыце, пішуцца навуковыя працы, вучацца студэнты. Мова развіваецца разам са сваім народам. Спадзяюся, калісьці да нечага падобнага прыйдзем і мы.