Група літоўскіх дэпутатаў зьвярнуліся ў амбасаду Беларусі ў Вільні з заклікам неадкладна вызваліць удзельнікаў пратэстаў і правесьці новыя выбары.
«Мы, члены літоўскага Сэйма, патрабуем неадкладнага вызваленьня ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту і іншых мірных грамадзян, выкрадзеных невядомымі сёньня, учора і ў папярэднія дні ў Беларусі. Патрабуем вызваліць прадстаўнікоў СМІ, акадэмічнай супольнасьці, грамадзкіх аб’яднаньняў і рухаў, у тым ліку актыўнага крытыка праекту Беларускай АЭС, эколяга, члена савета арганізацыі «Экадом« Ірыну Сухій, а таксама аднаго з лідэраў пратэсту Марыю Калесьнікаву», – гаворыцца ў заяве.
Раней сёньня міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў, што выкраданьне Калесьнікавай – ганьба і яна павінна быць неадкладна вызвалена.
«Замест таго, каб мець зносіны з жыхарамі Беларусі, улада, якая сыходзіць спрабуе цынічна ўстараняць аднаго за адным. Выкраданьне М. Калесьнікавай ў цэнтры Менску – ганьба, – напісаў Лінкявічус у сваім твітэры. – У 21 стагодзьдзі прымяняюцца сталінскія мэтады НКВД. Яна павінна быць неадкладна вызвалена».