«Мярзотная ўлада забіла майго сына». У Гомлі пасьля затрыманьня памёр 25-гадовы хлопец
25-гадовы Аляксандар Віхор памёр у шпіталі, куды яго даставілі з аўтазаку. Хлопец быў жорстка затрыманы ў нядзелю. На затрыманых у Гомлі не хапае месца ані ў ІЧУ, ані ў СІЗА. Аўтамабілі з арыштаванымі стаяць гадзінамі ў доўгіх чэргах на санцапёку щ чаканьні "прыёму".
«У адным з аўтазакаў быў і Саша.... Ён ня ўдзельнічаў у акцыях. Ехаў у нядзелю на спатканьне да дзяўчыны. Яго схапілі недзе ў цэнтры, калі ён перасаджваўся на іншы транспарт. Ён мне напісаў СМС, што яго схапілі... І ўсё. Я яго шукала ўсе гэтыя дні. Мне не давалі пра яго інфармацыю. Сёньня мне нарэшце сказалі, што Саша – у моргу», - плача ягоная маці.
У Аляксандра, паводле маці, былі праблемы з сэрцам. Калі ён доўга знаходзіўся ў закрытым аўтамабілі каля СІЗА, яму зрабілася блага. «Ён крычаў, прасіў дапамогі.... І канвой падумаў, што ён неадэкватны, і завёз яго ў псыхіятрычны шпіталь. Там дасьведчаны лекар зразумеў, што праблемы не з псыхікай... Яму выклікалі брыгаду "хуткай" і перавезьлі ў найбліжэйшы шпіталь – сухотны, які знаходзіцца каля псыхіятрычнага... Там Сашу ратавалі, але не ўратавалі, бо, як мне сказалі, яго ўжо прывезьлі у стане клічнай сьмерці», - апавядае маці.
Яна ня ўбачыла свайго сына ў моргу. «Мне адмовіліся яго паказваць, я думаю, бо ён моцна зьбіты. Я прашу людзей, якія былі разам зь ім у аўтазаку, калі яны выйдуць з турмаў, – хай раскажуць мне праўду, што там здарылася з Сашам! Я проста хачу, каб людзі ведалі: гэтая мярзотная ўлада забіла майго сына», - сказала маці.