Зварот да чытачоў «Звязды» з нагоды сітуацыі ў Беларусі
http://zviazda.by/be/news/20200813/1597338530-zvarot-da-chytachou-zvyazdy-z-nagody-situacyi-u-belarusi"Мы, супрацоўнікі найстарэйшага беларускага выдання — газеты «Звязда», з неспакоем і болем глядзім на тое, што гэтымі днямі адбываецца ў краіне. За больш чым сто гадоў існавання «Звязда» ніколі не спыняла сваёй работы і нават у найцяжэйшыя часы несла чытачам веру і надзею. І сёння мы не можам заставацца абыякавымі да таго, што робіцца навокал.
Звяздоўцы выказваюць падтрымку ўсім без выключэння, хто пацярпеў у канфліктах апошніх дзён, іх сем’ям і блізкім.
Мы заклікаем паважаць журналістаў, якія працуюць на месцы падзей і выконваюць свой прафесійны абавязак. Заклікаем не ўжываць сілу ў дачыненні да тых, хто выказвае сваё меркаванне, і не праяўляць агрэсію, няважна, на якім баку вы знаходзіцеся. Заклікаем усіх паважаць закон, але найперш — чалавечую годнасць. Гвалт можа спарадзіць толькі гвалт.
Мы шануем заканадаўства Рэспублікі Беларусь, паводле якога кожны грамадзянін краіны мае права адкрыта выказваць сваю пазіцыю, і лічым, што закладзеныя ў яго правы і свабоды з’яўляюцца неад’емнай часткай гарманічнага і згуртаванага грамадства.
Журналісты і супрацоўнікі «Звязды» выступаюць за цывілізаваны шлях вырашэння рознагалоссяў".