Адмова Лаўрова сустракацца зь беларускай апазыцыяй выводзіць Каардынацыйную Раду за межы перамоўнага працэсу, лічыць аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык
Як паведаміў
«Коммерсантъ», міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў пасьля сустрэчы з кіраўніком беларускага МЗС Уладзімерам Макеем заявіў, што расейскае кіраўніцтва не плянуе сустрэчы зь беларускай апазыцыяй — «спачатку ёй трэба стварыць структуру, сфармаваную ў адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам».
Безумоўна, маецца на ўвазе Каардынацыйная Рада, паколькі існыя партыі зарэгістраваныя ў адпаведнасьці з заканадаўствам.
Такім чынам, Лаўроў, з аднаго боку, адрынае якія-небудзь кантакты з Радай, якая ўсклала на сябе функцыі перадачы ўлады, пры тым, што, як цяпер зразумела, Крэмль імкнецца кантраляваць падзеі ў Беларусі і не дапусьціць ніякіх перамоваў (тым болей перадачы ўлады) без свайго ўдзелу.
З другога боку, гэта падштурхоўвае Раду трансфармавацца ў прадугледжаную заканадаўствам арганізацыйную форму, што ўцягнула б яе ў доўгатэрміновую бюракратычную гульню і істотна аслабіла б сувязі з пратэставым рухам, лічыць аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык