Сёньня Лукашэнка атрымаў ад пасла РФ у падарунак факсымільнае выданьне картаў 1866 г (адразу пасьля падаўленьня паўстаньня Каліноўскага), у якіх беларускія землі ўваходзяць у склад Расейскай імпэрыі.
Лукашэнка прыняў падарунак з удзячнай усьмешкай.
Мне ж прыгадалася, як ў сьнежні 91-га мы, дэпутаты БНФ, зрэагавалі на аналягічны падарунак Ельцына.
Выбачаюся за самацытату са сваёй кнігі:
«...у першай палове дня 7 сьнежня Ельцын выступіў перад дэпутатамі Вярхоўнага Савета.
Заля была поўная — акрамя парлямэнтарыяў, прыйшлі і члены ўраду, шмат было журналістаў. У часе выступу Ельцын падараваў Вярхоўнаму Савету выяву Белага дому — каля якога , у дні жнівеньскага путчу на танку чытаў свае Указы пра непрызнаньне ГКЧП, а затым перадаў старшыні ВС Беларусі копію „Ахоўнай граматы Воршы 1664 году“ і назваў яе сымбалем вызваленьня беларусаў расейскімі войскамі.
Дарадцы забыліся патлумачыць прэзыдэнту Расеі, што ў сярэдзіне сямнаццатага стагодзьдзя беларусы змагаліся з маскоўцамі (у тым ліку і пад Воршай), і што ў той час войскі з усходу зьнішчылі палову беларускага насельніцтва.
А можа быць, падаецца мне цяпер, тое было зроблена адмыслова.
Мы, фронтаўскія дэпутаты, паўскоквалі са сваіх месцаў.
Ельцын выглядаў разгубленым.
Ён шукаў вачыма каго-небудзь, хто мог бы патлумачыць прычыны тых рэплік, што выкрыкваліся з розных канцоў залі, а, можа быць, і спыніць дэпутатаў, што беглі да трыбуны, і ён неяк па-дзіцячаму, нібыта апраўдваючыся, сказаў:
— А что? Что-то не так? Да? Извините...
Памятаю, Ельцын двойчы папрасіў прабачэньня, і вымавіў гэта так шчыра, што асабіста ў мяне адпала ахвота ўступаць у дыскусію. Ці, тым больш, сьцягваць яго з трыбуны, як ў жніўні мы зрабілі з першым сакратаром ЦК Малафеевым.
Ельцын усьміхнуўся, разьвёў рукамі, і ў мяне чамусьці адклалася ў памяці, што ў яго не хапае двух пальцаў — здаецца, на левай руцэ». («Дзевяноста першы», 2-е выданьне, 2016, с.467-468).