"Жанчыны не даруюць. За намі любоў і праўда". Піша рэпарцёрка "Нашай Нівы" Наталля Лубнеўская, якой прастрэлілі калена на мірнай акцыі пратэсту
Нам казалі, што мы бедалагі, канстытуцыя не пад нас і наша місія — варыць баршчы. Мы злаваліся, смяяліся з гэтага глупства і ціха далей рабілі сваю справу.
Але зачапілі нашых мужчын. Сяброў, мужоў, дзяцей. Катавалі, ладзілі судзілішчы, здзекваліся. Таму на вуліцы выйшлі дзяўчаты, бо смажыць катлеты, калі тваіх блізкіх збіваюць дубінкамі, немагчыма. Бо спакойна працаваць — немагчыма. І засынаць у горадзе, дзе табе могуць зламаць ключыцу толькі за тое, што ты чакаеш звестак пра мужа, страшна.
Але яшчэ больш страшна, калі гэта не спыніцца.
У іх не засталося выбару. Бо расклад, дзе адзін з двух варыянтаў — гэта скалечаныя целы і лёсы нашых родных, гэта пастка.
Жанчыны, здавалася, у большай бяспецы. Ну хто будзе падымаць руку на іх? Паднялі. Некаторыя дзяўчаты, што выходзілі з Акрэсціна, рыдаючы, расказвалі, як іх білі і пагражалі пусціць па крузе. Жанчын трымалі на холадзе, цягалі за валасы, не давалі спаць.
І нам будуць казаць пра праграму павышэння нараджальнасці і кветкі для "мілых дам" на 8 Сакавіка? Вось ваш сапраўдны клопат.
У тых камерах, набітых целамі быццам гарохам, дзяўчаты чулі, як крычаць мужчыны. І плакалі ад гэтых стогнаў.
Дзяўчатам не сорамна стаць на плошчы на калені і плакаць на вуліцах. Сорамна за тых, у каго няма сэрца.
Збітых да пасінення, з прабітымі галовамі — каго вы нам вярнулі?
Жанчыны не даруюць. За намі любоў і праўда, а яны мацнейшыя за гвалт і страх
@nashaniva