Выкраданьне Марыі Калесьнікавай, зьнікненьне іншых чальцоў Каардынацыйнай рады — яскравы сымптом новай прававой сытуацыі ў краіне, адзначае палітоляг Валер Карбалевіч
Не сказаць, што дасюль у краіне існавала прававая дзяржава. Але, хоць закон, асабліва адносна палітычных апанэнтаў рэжыму, ня дзейнічаў, існавалі нейкія пэўныя правілы ці «паняцьці», якіх прытрымліваліся ўлады, і ў пэўным сэнсе, апазыцыя, нават незалежныя мэдыі.
Напрыклад, кандыдатам у прэзыдэнты дазвалялася праводзіць сваю кампанію, і толькі пасьля выбараў іх садзілі ў турму.
Але з пачаткам сёлетняй выбарчай кампаніі паступова, крок за крокам усе мінулыя правілы і паняцьці былі адкінутыя. А пасьля таго як зьявіліся забітыя, катаваныя і скалечаныя, мяжа дазволенага зьнікла зусім. Калі рэпутацыя рэжыму зьнішчаная ўшчэнт, то можна жыць, нічога не саромеючыся. Можна выганяць грамадзян Беларусі за мяжу краіны, біць вокны ў кафэ, выкрадаць людзей. Як у Дастаеўскага: калі Бога няма, то ўсё дазволена.
«Баюся, што мы напярэдадні новых страшных адкрыцьцяў пра беларускую ўладу», — піша аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч