Пра ТЕАРТ, АРТ Карпарэйшн і Анжаліку Крашэўскую
У суботу паглядзеў на фестывалі ТЕАРТ навасібірскі спектакль “Тры сястры” (рэжысёр Цімафей Кулябін). Здавалася б чатыры з паловай гадзіны, а як адно імгненне – толькі з трыма антрактамі. Заўтра яшчэ адзін паказ, і ў вас ёсць шанец пакайфаваць)
Але гэтым разам напішу не пра спектакль, а глабальна, пра ТЕАРТ і яго стваральнікаў. Спачатку невялікае адступленне. У пятніцу ў фармаце фестывалю адбылася лекцыя вядомага расійскага крытыка Марыны Давыдавай.
Пасля яе заканчэння і аўтограф-сесіі Давыдавай абмяркоўваў уражанні у адной кампаніі. На пытанне “Ну як?” адна са знаёмых адказала: “Ай, нічога новага”. Натуральна ў той момант мы пераключыліся на іншыя пытанні. Але заднім чыслом я зразумеў, што гэта фраза дапаможа мне патлумачыць, як стваральнікі ТЕАРТ змянілі беларускую культуру.
Вам нічога не кажа назва “Патрыс”? Так называўся спектакль, які паказваўся на адным з першых фестываляў. І гэта была прадукцыя АРТ Карпарэйшн (арганізатара ТЕАРТ). Хай даруюць мне яго стваральнікі, але вялікім мастацкім поспехам “Патрыс” назваць складана. Пытанні выклікалі і іншыя праекты АРТ Карпарэйшн – “Ладдзя роспачы” і “Самотны хакеіст”.
Гэтыя пастаноўкі паказваліся літаральна некалькі разоў. Але самае галоўнае, было не надта зразумела, хто будзе на іх хадзіць: тады, у пачатку дзясятых публіку не цікавілі праектныя спектаклі.
Але пакрысе Анжаліка Крашэўская і яе каманда здолелі пабудаваць сістэму. Спачатку з’явілася міжнароднага праграма ТЕАРТ. Потым да яе далучылася праграма ўжо беларуская, праект TheatreHD (паказы замежных спектакляў у кіно), паказы ўласнай прадукцыі, прычым годнага ўзроўню (згадзіцеся, спектакль “С училища” адрозніваецца ад той жа “Ладдзі роспачы” як неба ад зямлі), кінафестываль “Лістапад”, які не можа не ўплываць на тэатралаў. Параўнальна нядаўна з’явілася свая пляцоўка – ОК16.
Пакрысе наведвальнікі ТЕАРТ пачыналі хадзіць на TheatreHD або “Лістапад”, бо прызвычаіліся да мастацкага прадукту пэўнага ўзроўню. А яшчэ, што не менш істотна, праз той жа ТЕАРТ прайшло безліч валанцёраў, якія ў будучым сталі яго наведвальнікамі.
Але самае галоўнае вось у чым. Сістэма, якую пабудавала каманда Крашэўскай, стала аўтаномнай і незалежнай ад дзяржаўнага тэатра. Раней абысціся без апошняга было немагчыма, бо тады б не было куды хадзіць. Цяпер у нас ёсць, што глядзець і дзе глядзець. І, што не менш важна, ёсць каму глядзець. Вы нават не ўяўляце (а калі ходзіце на ТЕАРТ, дык можа і ўяўляеце), якую колькасць цікавых, разумных і прыгожых людзей там можна сустрэць.
Усё супер? Натуральна не зусім. Па-першае, тэатралам трэба літаральна маліцца на Віктара Бабарыку. Бо акрамя яго ніхто не спяшаецца падтрымліваць тэатр.
Па-другое, людзей, якім цікавы ТЕАРТ усё яшчэ мала. Вярнуся да рэплікі пра лекцыю Давыдавай. Сапраўды, яе выступленне шмат у чым грунтавалася на яе ж кнігах. Калі вы чыталі іх раней, Амерыкі ў ОК16 вы б для сябе не адкрылі. У выніку ў нас з’явіліся лічаныя людзі, якія (страшна сказаць!)) перараслі асобныя спектаклі ТЕАРТ. У пачатку дзясятых гэта б гучала фантастычна.
Але вось парадокс: шмат выказванняў Давыдавай (напрыклад, пра тое, што рэжысёру не трэба вучыцца пяць гадоў у аднаго майстра) шмат у каго выклікалі бы абурэнне і шок (проста людзі, які так рэагуюць, не ходзяць на такія сустрэчы). Таму “культпрасвет” беларускіх тэатралаў яшчэ вельмі далёкі ад завяршэння.
P.S. Другі паказ "Тры сястры" сёння, у нядзелю, у 17:00 у ДК МАЗ.