Доўгі і злы пост пра Нацыянальную тэатральную прэмію (добры будзе пазней, таму калі вы пазітыўны глядач або чытач, пракруціце гэты пост і чакайце наступнага)
На «Культпрасвеце» з'явіўся спіс усіх пастановак, якія прэтэндуюць на прэмію (
http://kultprosvet.by/teatralnaya-natspremiya/). Усяго іх каля 50. Ніколі не думаў, што ў Беларусі так шмат добрых спектакляў))
Што здзівіла?
1. Цягам усіх папярэдніх чатырох прэмій да апошняга моманту было не зразумела, на перамогу ў якой намінацыі прэтэндуе спектакль. І што вы думаеце: як было, так і засталося. А розніца ж прынцыповая.
2. Што ў праграме робяць спектаклі, якія паставілі даволі даўно?
Калі верыць гуглу (а чаму б не верыць?), прэм“ера спектакля «Вераніка вырашае памерці» адбылася ў 2013 годзе.
«Тоску» паставілі ў 2010-м. сёлета нібыта адбылася яшчэ адна прэм’ера гэтай оперы. Але працытую рэжысёра Міхаіла Панджавідзе: «Мы обновили сценографию, немного подправили мизансцены, и пускай «Тоска» идет дальше. Это будет скорее редакция, потому что я не очень понимаю, как можно сильно изменить «Тоску», как можно глобально пересмотреть ее концепцию». То бок гаворка, відавочна, пра новую рэдакцыю нядрэннага спектакля, пастаўленага восем гадоў таму. (Тады я толькі пачынаў хадзіць на оперы, і мне спадабалася. Цяпер ацэньваць не буду, бо не пераглядаў).
3. Не зусім разумею, паводле якога крытэрыя спектаклі адпраўлялі ў розныя секцыі.
* Чаму «Ляцелі арэлі» Канстанціна Сцешыка (Гомельскі маладзёжны) ідуць у блоку “Спектаклі паводле твораў сучасных беларускіх аўтараў”, а «Запалкі» Сцешыка (Купалаўскі) – як тэатр драмы?
* Чаму “Радзіва Прудок” Андруся Горвата (Купалаўскі), “Опіўм” Віталя Каралёва (Арт-Карпарэйшн) і «Кропкі на часавай восі» Дзмітрыя Багаслаўскага (Бабруйскі тэатр) прадстаўлены ў абодвух секцыях (сучасныя беларускія аўтары і тэатр драмы), спектаклі паводле Сцешыка – толькі ў адной секцыі, а іншыя спектаклі секцыі сучасных беларускіх аўтараў не дублююцца ў драме?
* Чаму «Сіндром Медэі» Юліі Чарняўскай і “Кар’ера доктара Рауса” Віктара Марціновіча (РТБД), а таксама “Падводнікі” Андрэя Курэйчыка ідуць толькі ў секцыі драмы? Няўжо ніхто не ў курсе, што ўсе тры драматургі – сучасныя аўтары?
Вы разумееце гэтую дзіўную логіку?)
4. З аднаго боку, я рады, што пабачу ў Мінску спектаклі з абласных і амальабласных цэнтраў (ці не адзіная карысць ад прэміі). З другога, адбор у гэтым годзе быў ну вельмі дзіўным. Такое ўражанне, што не ўзялі толькі самых лянівых.
Шчыра не разумею, што ў спісе робяць “Запалкі” Купалаўскага, у якіх палову зрабіла Таццяна Ларына, а палову перарабіў Мікалай Пінігін (і атрымалася абы што). Навошта было ўключаць “Трышчана і Ізольду” (менавіта пасля яго прагляду зразумеў, што з паходамі ў Музычны трэба завязваць: у мяне з кіраўніцтвам гэтага калектыва занадта рознае ўспрыманне тэатра))
Але самае галоўнае, што ў спісе робяць «Ор і Ора» Опернага і «Падводнікі» Рускага? Іх трэба здымаць з рэпертуара, як мага хутчэй, а яны ў ліку прэтэндэнтаў на перамогу. Зрэшты, я не здзіўлюся, калі яны нешта атрымаюць (так ў намінацыі “лепшы спектакль балета” усяго два прэтэндэнты). У беларускім тэатры яшчэ не тое здаралася)